ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
сукупнасць газавых кампанентаў, якія трапляюцца ў прыродных аб’ектах у свабодным, раствораным або сарбіраваным стане. Прадстаўлены і асобнымі атамамі, і складанымі хім. злучэннямі. Адрозніваюць газы прыродныя атмасферы (сумесь газаў рознага паходжання), зямной паверхні (глебавыя і падглебавыя, балотныя, тарфяныя), асадкавых, магматычных і метамарфічных парод (у нафце, вугалі і інш.), акіянаў і мораў, вулканічныя, касмічныя. Колькасць газаў прыродных у геасферах Зямлі павялічваецца з паглыбленнем унутр планеты. Паводле паходжання адрозніваюць газы прыродныя вулканічныя (паступаюць з глыбінь Зямлі і звязаны з дэгазацыяй магмы), біяхімічныя (утвараюцца пры бактэрыяльным раскладанні арган. рэчыва або аднаўленні мінер. солей), катагенетычныя (узнікаюць у выніку пераўтварэння рассеянага арган. рэчыва асадкавых парод пры іх апусканні на глыбіні і павелічэнні т-ры да 250—300 °C, а ціску да 245 МПа, або 2500 ат), метамарфічныя радыеактыўныя (утвараюцца ў працэсе распаду радыеактыўных элементаў), метамарфічныя паветраныя (вынік пранікнення газаў з атмасферы ў глыбіню зямной кары — у форме водных раствораў і інш.). Паводле складу вылучаюць газы прыродныя вуглевадародныя, вуглекіслотныя, серавадародныя. Здольнасць газаў прыродных актыўна мігрыраваць у свабодным і раствораным стане абумоўлівае змешванне газаў рознага саставу і паходжання і вял. іх пашырэнне ў прыродзе. На Беларусі вядомы ўсе тыпы газаў прыродных, але практычнае значэнне маюць толькі вуглевадародныя, намнажэнні якіх з’яўляюцца аб’ектамі здабычы (як спадарожныя з нафтай).
У.Я.Бардон.
т. 4, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)